Суразмоўца: літаратар, культуролаг і мастацтвазнаўца. Выкладчык. Магістр тэорыі і гісторыі выяўленчых мастатцваў.
Мой прыклад не зусім тыповы. У вузкім сэнсе на эміграцыі я апынуўся тры гады таму. Але па-за беларускім акадэмічным працэсам застаўся яшчэ 10 год таму — хоць мяне рэгулярна запрашалі да ўдзелу ў розных канферэнцыях, я публікаваўся ва ўніверсітэцкіх зборніках. З рэлакацыяй адкрыліся новыя далягляды – інтэнсіфікаваліся кантакты з літоўскімі, польскімі калегамі, у святле актуальнасці тэмы нашага рэгіёна да мяне звярталіся калегі з Даніі, Германіі, Швецыі. Тут значна вышэйшая ступень інфармаванасці і мабільнасці, пачынаючы ад наяўнасці адпаведных дакументаў да коштаў на авіаквіткі. Гэтая інтэнсіфікацыя трапіла на “старыя дрожжы” – беларускія гуманітарыі-навукоўцы ўжо па 20–30 гадоў жывуць у Варшаве, Празе, Лондане… І тыя, колішнія кантакты, якія здаваліся цяжкапад’ёмнымі раней, цяпер пры патрэбе робяцца дасяжнымі. Гэта дазваляе дазнацца пра магчымасці стыпендый, стажыровак, удзелаў у навуковых канферэнцыях, адкрывае новыя магчымасці – не толькі для нас, але і для тых навукоўцаў, якія даўно эмігравалі. Ад 1991 года я не працаваў у дзяржаўных установах, таму у мяне няма піетэту перад людзьмі ўлады.
Калі б я працаваў у беларускай Акадэміі Навук, то сядзеў бы ў вежы са слановай косткі – стаў бы прафесійным крэтынам, заангажаваным у сваёй вузкай тэматыцы. Я раю ўсім знаёміцца з чалавекам, а не з тытулам – паразмаўляць на розных мовах, паглядзець, ці ўлоўлівае чалавек твой гумар, ці на адной вы хвалі. І гэта можа стаць добрым багажом. На такія сувязі можна пакласціся – можна даверыцца чалавеку. І гэты давер вельмі важны пасля 2020 года.
У наш час гатовасць камусьці дапамагчы вяртаецца цікавымі рэчамі. У іншых абставінах мне б не было справы да таго, якія ў каго праблемы з бацькамі ці з дзецьмі – я пра гэта нават тэарэтычна не ведаў бы. А ў новых абставінах ты ведаеш пра гэтых людзей з іншых ракурсаў, як яны паводзяць сябе ў розных абставінах. Ужо сёння відавочна, што досвед гэты — неацэнны. Калі ты дазнаешся, што можаш камусьці дапамагчы, — кідаешся дапамагаць безаглядна, не разважаючы, што з таго будзеш мець. І гэта стварае новую атмасферу: нашая гуманітарная акадэмічная супольнасць сёння ёсць у некай ступені правобразам нашай будучай грамадзянскай супольнасці — незалежна ад мовы, этнічнага паходжання, спецыфікі адукацыі, галіны навукі, этычных прыхільнасцяў. Для нас усіх ёсць Беларусь як нашая Айчына. Я так і ўяўляю нашую будучую краіну, калі ёсць бясспрэчны піетэт перад людзьмі таленавітымі, якія дасягнулі вяршыняў у творчасці альбо навуцы, павага да асобаў, якія паводзіліся маральна.
Гадамі мы імкнуліся знайсці беларускую ідэнтычнасць у сабе, абагульніць назапашаны досвед. Але досвед апошніх 3–4 гадоў падказаў мне іншы спосаб – зразумець, як на нас глядзяць іншыя. Як абагульняюць свой досвед ведаў пра нас і кантактаў з намі, напрыклад, літоўцы. Якімі мы, беларусы, паўстаём у вачах палякаў, чэхаў… Гэта дае шмат падказак. \
І яшчэ цікава: што пра нас, беларусаў, падумаюць – але не скажуць услых. Што мы самі — беларус беларусу — не скажам. Гэткі рахунак сумлення. Пра нашу некансалідаванасць, несалідарнасць, наш персанальны дзікі эгацэнтрызм, неўдзячнасць… Пра нашу крайнюю сціпласць, законапаслухмянасць — якія ў іншых грамадствах, можа, былі б дадатнымі рысамі. Канцэпту беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, створанага нашаніўцамі на пачатку ХХ ст., ужо няма. Адзінае, што засталося, — інклюзіўнасць, здольнасць прыняць у сябе іншых і перайначыць іншасць. Нацыя гэта канструкт, і нацыю канструюем мы. Беларусь становіцца гамагеннай і секулярнай (знікаюць дыялекты, нацянальныя меншасці, субэтнасы), і полікультурнасць, і шматканфесійнасць становяцца неактуальнымі. Гэта агульны трэнд, ідэнтычнасць заўсёды будзе мяняцца.
Выехаўшы, пачынаеш разумець, гледзячы на суайчыннікаў, наколькі моцна мы траўмаваныя. Віктымізацыя нашай ідэнтычнасці відавочная. Вайна першая, другая, акупацыя, рэпрэсіі, Чарнобыль, распад СССР, і усё тое, што адбываецца цяпер. Украінцы, якія нібыта таксама траўмаваныя ўсімі тымі ж траўмамі, не маюць такога следу – яны працягваюць жартаваць, дэманструюць жыццяздольнасць, салідарнасць. На віктымізацыі збудаваныя адметныя ідэнтычнасці -- ірландская, габрэйская, армянская, сербская, албанская…
Беларусы не калектывісты, а атамівізаванае грамадства. Мова для многіх беларусаў нібыта комплекс, стрэмка, нейкі выклік і траўма. Але мова – сапраўды адзінае, што прыцягвае нас адно да аднаго як магнітам. Нават калі чалавек па-беларускі не гаворыць, ён мову пазнае. Яе гукі, яе тэмбр, рытм, хуткасць, тое што ў музыцы завецца мелас – гэта фармуе псіхіку, гэта спосаб мыслення. У сваім меласе ты пачуваешся камфортна. Беларусы сёння – цалкам урбанізаваная нацыя, воляю лёсу адкрытая на ўсе бакі. Беларусы непараўнальна больш мабільныя, чым здаваліся. Інтэнсіфікаваліся пошукі каранёў, якія зараз набылі новае вымярэнне: на маіх вачах абеларусіліся людзі, якія да 2020 г. не бачылі свайго месца. Людзі самі ствараюць сваю ідэнтычнасць, нават калі яны не памятаюць сваіх дзядоў, не былі на магілах продкаў, — бо яны не могуць быць нікім. І беларусы хочуць быць адметнымі – і збоку заўважна, што беларусы адметныя, гэткія інтраверты-дыслексікі, якія не ведаюць ані моваў, ані рэлігіі, ані арганізацыіі свету, не хочуць, каб іх чапалі…
Мы стаім на скрыжаванні, і ад нас, прадстаўнікоў навукі і гуманітарнай інтэлігенцыі, шмат залежыць – мы ніколі не былі так блізка да стырна. Бо сітуацыя змусіла ствараць альтэрнатыўную Беларусь, для будучыні. І калі ты прэзентушся тым, хто ты ёсць, людзям пачынае здавацца, што ты маеш адказы на ўсе пытанні светабудовы. Гэта накладае аграмадную адказнасць – падбіраць словы, бо твой тэзіс, максіма, могуць стаць цытаванымі і прынятымі. Гэта ўнікальная сітуацыя.