Мне падабаецца сітуацыя адкрытых магчымасцяў

Суразмоўца: Павел Вайніцкі - мастак, куратар, даследчык. PhD. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, стажыраваўся ва ўніверсітэтах Манрэаля і Таронта (Канада), атрымаў дыплом менеджара культуры Вышаградскай акадэміі культурнага менеджменту (VACuM). Яго творы знаходзяцца ў беларускіх і замежных калекцыях. Скульптурныя працы ўсталяваныя ў грамадскіх прасторах Беларусі і іншых краін.


У Беларусі сёння існуе, фактычна, забарона на творчасць, і гэта вельмі нагадвае савецкую “забарону на прафесію” для нелаяльных грамадзян.  

Мастакі і мастачкі, што ўзнялі голас супраць падману і гвалту ў 2020-м, трапілі ў “чорныя спісы” як нядобранадзейныя. Такім творцам максімальна складана атрымаць замову на вялікую працу для грамадскай прасторы. Магчымасці для прафесійнай рэалізацыі зачыняюцца: чалавека выключаюць з Беларускага саюза мастакоў, што пазбаўляе права займаць “саюзную” майстэрню – працоўнае памяшканне, без якога манументальная творчасць немагчымая. Дзяржаўныя ўстановы спыняюць супрацу з “пратэстнымі” мастакамі – яны застаюцца без дзяржаўных замоваў і ўзнагародаў, без выставаў, іх творы не купляюць музеі. 

Мастацтва ў публічным асяроддзі – заўсёды палітычная рэч, 

бо выносіць у грамадства пэўны месідж, робіць яго бачным ці – калі твор удалы – пераканаўчым. Дзяржава выдаткоўвае грошы на помнікі і манументы: ёй важна, каб творы-пасланні былі для яе карыснымі. Адпаведна, працуючы ў скульптуры вялікіх памераў мастак ультыматыўна мусіць трансляваць афіцыйную прапаганду… Ці пазбавіцца ад палітычнасці! 

У логіцы дзяржаўных адміністратараў, якія кантралююць грамадскую прастору, мастацтва, якое не прапагандуе легітымізаваныя ўладай канцэпты, мае права існаваць толькі дзеля аздаблення ці забавы. 

Лаяльныя да ўлады «ваяцелі» пасля 2020 года маюць неблагі шанец: манументальная скульптура – вузкая прафесійная прастора, і з яе выдалілі канкурэнтаў. Увогуле, мяркуючы па выставах, у беларускім мастацтве адбылася – гвалтоўная – змена пакаленняў: зніклі актыўныя мастачкі і мастакі, працы якіх былі вызначальнымі яшчэ некалькі гадоў таму, шмат і новых імёнаў. 

Моладзь робіць неблагія рэчы – але не вострыя, апалітычныя. 

Калегі-скульптары, якім ня карціць манументалізаваць ідэалагічныя фантомы, абіраюць розныя стратэгіі. Можна выязджаць на замежныя пленэры і сімпозіумы, рабіць свае творы ў іншых прасторах – інтэрнацыянальных. Але, калі не эміграваць з краіны, такі шлях робіцца ўсё складанейшым і небяспечнейшым. З аднаго боку, зачыняюцца межы і ўскладняецца іх перасячэнне. А з іншага 

– айчынныя аўтары ўсё часцей зазнаюць на сябе сведчанні кансэлінгу беларускага мастацтва з-за саўдзелу краіны ў захопніцкай вайне.  

Да таго ж, калі ты жывеш у Беларусі, выязжаць і ствараць мастацтва па-за межамі – ужо не перавага, а кампрамат. Творчасць ў “несяброўскіх” краінах  можа выклікаць цікавасць адпаведных структур. 

Замежныя стыпендыі, стажыроўкі і гранты патэнцыйна могуць стаць нагодамі нават для крымінальнага пераследу. 

Добра, што беларускія творцы цяпер задзейнічаныя ў камерцыйных недзяржаўных праектах – гэта другая пашыраная стратэгія. Карпарацыі-забудоўшчыкі, такія як “А-100 Дэвелапмент”, “Рыверсайд Дэвелапмент Лімітэд”, замаўляюць манументальныя і паркавыя аб'екты вядучым айчынным скульптарам. Таксама можна працаваць у маргінальных прасторах, дзе кантроль дзяржавы слабейшы. На лакальных, амаль саматужных сімпозіумах беларускія скульптары маюць магчымасць папрацаваць разам, падзяліцца траўматычным досведам, падтрымаць адзін аднаго. Яшчэ адна стратэгія – праца «ў стол». Я веру, прыйдзе час, калі мы пабачым усё тое цікавае, што прыхавана ствараецца цяпер. Як і ў савецкія часы далёка не ўсё важнае мастацтва робіцца ў вузкіх афіцыйных рамках. Яшчэ адна стратэгія: перайсці на прыватныя – да прыкладу, мемарыяльныя – замовы.  Але прасторы для творчасці тут няшмат… 

Я не лічу, што знаходжуся ў эміграцыі – для мяне гэта часовы ад’езд, прыгода, творчы адпачынак ля мора… Не, хутчэй перазагрузка: даводзіцца ўсё пачынаць з чыстага ліста, 

бо няма ані майстэрні, ані нэтворкінгу – але я гляджу на будучыню аптымістычна. І для аптымізму ёсць падставы – ў параўнанні з Беларуссю, тут нашмат большая мабільнасць. Дзякуючы авіякампаніям-лаўкостарам проста і танна можна апынуцца ў самых розных (культурніцкіх, мастацкіх, навуковых) пунктах Еўропы і не толькі. Так, толькі сёлета давялося два разы злятаць у Лондан і наведаць Кембрыдж у якасці ўдзельніка міжнародных канферэнцый. 

Я атрымаў выдатную магчымасць “пракачаць” сваю навуковую іпастась, якой заўсёды замінала практычная мастакоўская праца.  

Напісаў некалькі тэкстаў, якія даўно задумляў. Пазнаёміўся з найноўшымі замежнымі даследваннямі ў сваёй галіне і распачаў уласныя. 

Дапамагаюць высокая адаптыўнасць і ўменне працаваць пад псіхалагічным ціскам – якасці, абавязковыя для паспяховага скульптара-манументаліста.  

У сітуацыі, далёкай ад звычных і камфортных хатніх умоваў, паўстае шмат выклікаў – даводзіцца вырашаць бягучыя праблемы і прымаць вызначальныя рашэнні амаль штодня. Важна аптымістычна глядзець на рэчы. 

Мне падабаецца сітуацыя адкрытых магчымасцяў – невядома, куды цябе прывядзе ланцуг падзей.  

Адсутнасць перадвызначанасці не палохае, а радуе. Так, я раблю пэўныя захады – напрыклад, для інтэграцыі ў еўрапейскую акадэмічную сістэму – а там хай лёс вырашае. Калі не ўдасца, паспрабую нешта яшчэ. Беларусь заўсёды са мной, не магу і не збіраюся ад яе абстрагавацца. Хвалюе, што адбываецца на радзіме – і тут вельмі важныя жывыя навіны ад жывых людзей, а не праз тэлеграм-каналы. 

У гасцявым пакойчыку нашай невялічкай кватэры функцыянуе сямейная “міні-рэзідэнцыя” для сяброў, якім удаецца да нас дабрацца,  

каб крыху адпачыць і аднавіцца на Адрыятычным узбярэжжы. Размовы за Беларусь на гаўбцы з відам на горна-марскія далягляды – важны яе складнік. 

Беларускай мовы ў нашай невялічкай сям’і стала больш, бо мы на ёй стасуемся, у тым ліку каб адрознівацца ад расейскамоўных і мясцовых сімпатантаў Расеі  

(якіх ў нашым Балканскім парадызе традыцыйна хапае). Калі-некалі ладжу лакальныя культурныя падзеі для нешматлікай беларускай дыяспары. Немагчыма адмовіцца ад таго, што цябе рухае. Бачу беларускасць як унутраны стрыжань – як тое, што робіць нас адрознымі ад іншых і можа быць нашым нацыянальным унёскам у сусветную культуру. 

Я бачу зацікаўленасць у вачах замежнікаў, калі распавядаю пра беларускія здабыткі і праблемы на міжнародных імпрэзах…  

А што да практычных прыкладаў – вунь, слынны Аляксей Кузьміч – усё, што ён робіць, так ці інакш звязана з Беларуссю. Ён заўсёды адштурхоўваецца ад уласнага беларускага бэкграўнда. І гэтым выключна цікавы. Тыя ж годныя землякі, што здолелі інтэгравацца ў заходнія кантэксты і ствараюць нешта гамагеннае, агульнаеўрапейскае – выклікаюць меншую цікавасць, у тым ліку і ў заходнікаў.  

Часам змены, якія выглядаюць адмоўнымі, маюць станоўчы патэнцыял.  

Напрыклад, пакінуўшы ў Беларусі скульптурную працу “ў вялікіх памерах”,  я атрымаў магчымасць тэарэтычна асэнсаваць тое, што я раблю і што цяпер актуальна ў сферы маіх інтарэсаў. Гэтага б не здарылася, каб не вымушаны ад’езд. У маім жыцці ёсць і больш радыкальны прыклад: пасля Чарнобыльскага выбуху 1986-га мяне, чатырнаццацігадовага гамельчука, адпусцілі з сям’і ў далёкую сталіцу, у Мінскую мастацкую вучэльню, далей ад радыяцыі. Такім чынам, менавіта Чарнобыльскай катастрофе абавязаны сваім з’яўленнем беларускі мастак, даследчык і адукатар Павел Вайніцкі.