Суразмоўца: PhD (кандыдат мастацтвазнаўства — выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і архітэктура). Сфера навуковых інтарэсаў — беларускае выяўленчае мастацтва канца XVIII—пачатку XX стагоддзяў. У эміграцыі з восені 2023 года. Сумяшчае праектныя работы па спецыяльнасці з фізічнай працай. Гадуе непаўналетняга сына. Здымаюць пакой у Варшаве.
Сыходзячы з дзяржаўнай сферы, я спадзявалася «пайсці ў айці» — перавучыцца на дызайнера. Але ў ІТ-сферу трэба было ўваходзіць год дзесяць таму, цяпер яна ў крызісе. Да таго ж я сутыкнулася з дыскрымінацыяй па ўзросце — аказалася, што ў 37 год не ўліваюся ў большасць “дружных маладых калектываў” айцішнікаў.
Спрабавала падацца і ў недзяржаўную культурную сферу. Але сектар некамерцыйных арганізацый згортваўся з касмічнай хуткасцю праз рэпрэсіі. Дый там сваё закрытае кола, і ў адказ на рэзюмэ я атрымлівала ветлівыя адмовы.
Гэты працэс доўжыцца і ў эміграцыі. Вакансіі, якія адпавядаюць досведу навукоўца, займаюць рознага кшталту арт-менеджары, куратары, экскурсаводы. Тым не менш, я працягвала “стукацца ва ўсе дзверы”. І першымі, хто мне адчыніў, сталі Science At Risk — арганізацыя, якая падтрымлівае навукоўцаў у небяспецы. Яны падтрымалі мяне матэрыяльна і маральна, а іх праграма ментарства змяніла маё жыццё. Вясной 2023 году ў ментары мне прызначылі польскую мастацтвазнаўцу. А ўвосень 2023 здарылася вымушаная эміграцыя. Выключна дзякуючы ментарцы SARS мая навуковая кар’ера не спынілася за мяжой. Хоць у эміграцыі, каб выжыць, давялося займацца цяжкай фізічнай працай. Ментарка знайшла арганізацыю — музей у польскім Глівіцэ, — гатовую ўзяць мяне на праграму SALT. А яшчэ дапамагла зрабіць рэзюме і парассылала сваім калегам. Дзякуючы гэтаму, у мяне склалася супраца з Нацыянальным музеем у Варшаве і з Музеем гісторыі Польшчы. Гэта былі дзве праектныя працы — база звестак па сімвалізме ў выяўленчым мастацтве краін Балтыі (Нацыянальны музей у Варшаве) і аналітычная запіска па ўшавананні памяці Тадэвуша Касцюшкі ў Беларусі (Музей гісторыі Польшчы). А з арганізацыяй CARA з Вялікабрытаніі, якая таксама дапамагае навукоўцам у небяспецы, супраца не склалася. У мяне доўга запытвалі ксеракопіі розных дакументаў, а ўрэшце прапанавалі напісаць праектную прапанову на пяць старонак па-англійску і самой знайсці навуковую ўстанову, якая зможа прыняць мяне ў Вялікабрытаніі. Для беларускага мастацтвазнаўца, які з першага класа не планаваў эміграваць, умова амаль невыканальная. Мала хто можа, уцякаючы з краіны з валізкай і дзіцём, напісаць “на калене” пяць лістоў па-англійску і, без напрацаваных гадамі сувязяў, знайсці навуковую ўстанову, гатовую прыняць.
А далей здараецца наступнае: калега дасылае інфармацыю пра магчымасць фінансавай падтрымкі для беларускіх навукоўцаў ад Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. На ліст адказвае выкладчык і, крануты маёй жыццевай гісторыяй, прапануе падацца на стыпендыю SALT-II з ЕГУ ў якасці прымаючай арганізацыі. Вырашаю рабіць заяўку і... праходжу! На пачатку восені праграма распачнецца. Я ўсцешаная тым, што дзесяць месяцаў змагу займацца любімай справай і не думаць пра выжыванне. Разам з тым, не маю ілюзій наконт далейшага кар’ернага шляху ў эміграцыі. Сфера мастацтвазнаўства, гісторыі мастацтва, вельмі развітая ў Польшчы. Тут велізарная канкурэнцыя паміж спецыялістамі. Нават з выдатным веданнем мовы знайсці працу па маёй спецыяльнасці — задача з дзвюма зорачкамі. Да таго ж, шчыра кажучы, я не веру ў магчымасць значнага ўплыву на родную культуру з-за мяжы. Галоўныя працэсы ў беларускім мастацтве ўсё адно адбываюцца ўнутры Беларусі.
Я стараюся верыць, што мая эміграцыя часовая і аднойчы я змагу вярнуцца на Радзіму. Азіраючыся на тое, што адбылося са мной за апошнія гады, разумею, што не ўсё было марным блуканнем у цемры. Нават цяжкі перыяд падараваў мне важныя магчымасці. Менавіта падчас вымушанага беспрацоўя, дзякуючы падтрымцы сястры, якая жыве за мяжой, я магла падарожнічаць. З сынам мы пабывалі ў мастацкіх музеях Капенгагена, Дзюсельдорфа, Брусэля, Коўна, Вільні, Таліна. Я ўбачыла творы, якія натхнілі мяне, нарадзілі тэмы, з якімі я буду працаваць падчас стыпендыі. Хочацца зрабіць нешта цікавае і карыснае для беларускага мастацтвазнаўства.
Ведаеш, мы вучымся ў школах і ва ўніверсітэтах і не заўважаем, што навучанне ідзе з перакосам у бок расейскай культуры. Гэта настолькі убіта ў галовы стагоддзямі каланізацыі, што падаецца натуральным. “Вялікая руская культура”. Толькі самыя смелыя выкладчыкі, нібы між іншым, казалі нам – што ў ім, у гэтым расейскім мастацтве, такога вялікага? Літаратура ХІХ і ХХ стагоддзяў, эпоха мадэрну, яшчэ пара перыядаў. А рэшта? Правінцыйны варыянт візантыйскага мастацтва, а пазней агульнаеўрапейскіх мастацкіх стыляў. Прычым усё новае ў Расею прыходзіла з Захаду. Гэта ў Беларусі ёсць уласныя ўзоры готыкі і Адраджэння, як і усіх наступных эпох і стыляў. Гэта з Беларусі яшчэ ад часоў вайны 1654–1667 гадоў вывозілі ў Расею майстроў. Яны неслі з сабой новыя тэхналогіі ў розных відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, найперш у кераміцы і разьбярстве. І вось замест таго, каб вывучаць сваё глыбей, ведаць польскае, украінскае, балтыйскае мастацтва, мы ў школах і ўніверсітэтах вучым расейскае і не ведаем, чым жылі і жывуць іншыя нашы суседзі — вось ён, класічны посткаланіялізм, які мы яшчэ доўгі час будзем пераадольваць. Спадчынай каланіялізму было і тое, што ў нашай установе не ўхвалялі тэмы дысертацый, не звязаныя з беларускім мастацтвам. Як у савецкія часы: маўляў, “няма чаго высоўвацца са свайго балота, у Маскве ёсць людзі, якія напішуць лепш пра гэта ўсё”.
Я не магу крытыкаваць тых, хто застаўся працаваць у навуковай установе, з якой я сышла. Бо калі і яны сыйдуць, застануцца толькі вахцёр і кадэбіст, і яны будуць расказваць студэнтам гісторыю беларускага мастацтва. Большасці навукоўцаў і выкладчыкаў проста не далі магчымасці застацца, іх звольнілі ў нікуды, з “воўчым білетам”. Гэта знішчэнне беларускай навукі — калі чалавек з навуковымі ступенямі і званнямі вядзе камерцыйныя гурткі для дзяцей, працуе ў прыватных галерэйках “з коцікамі”. І тыя, хто сыходзяць, і тыя, хто застаюцца, робяць гэты выбар не ад добрага жыцця.
Разам з тым, я веру ў Беларусь і беларусаў і ўпэўнена, што мы захаваем сябе, сваю дзяржаўнасць, сваю мову і культуру. Я застаюся аптымістам, бо інакш проста не ведаю, як і навошта жыць.