Суразмоўца: архітэктар-рэстаўратар, гісторык архітэктуры. Аўтар некалькіх дзесяткаў навуковых артыкулаў па захаванні культурнай спадчыны і гісторыі архітэктуры Беларусі, навуковы кіраўнік аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны.
Паводле базавай прафесіі я – архітэктар. І ў прафесіі больш за 40 гадоў. Але на эміграцыі не магу працаваць архітэктарам пакуль не прайду працэдуры настрыфікацыі свайго дыплома, то ж бо праверкі дастатковасці атрыманых ва ўніверсітэце ведаў для допуску на еўрапейскі рынак працы. Архітэктура належыць да тых сацыяльна значных прафесій, для якіх настрыфікацыя замежнага дыплома неабходная. Працэс гэты каштуе дорага, цягнеццы доўга і вынік яго цьмяны. З улікам таго, што я вучыўся яшчэ ў Савецкім Cаюзе, мае веды ў сферы марксістска-ленініскай філасофіі, эстэтыкі і навуковага камунізму могуць быць прызнаныя недастатковымі для прыняцця адказных праектных рашэнняў у сучасным свеце. Існуе высокая верагоднасць таго, што мой дыплом не будзе прызнаны, нягледзячы на саракагадовы досвед працы. А з улікам сталага веку мне ўжо няма сэнсу перавучвацца на сучаснага архітэктара, бо цягам усяго жыцця займаюся не архітэктурай, а архітэктурнай рэстаўрацыяй. І гэта перадвызначыла нечаканы і шчаслівы паварот майго лёсу на эміграцыі.
Тут належыць сказаць, што — у адрозненне ад сучаснай архітэктуры – рэстаўрацыя не з’яўляецца творчасцю. Гэта навукова-даследчая дзейнасць, якая мае на мэце ўсебаковае даследванне помніка, вывучэнне яго будаўнічае гісторыі, вызначэнне значнасці і вартасці, забеспячэнне яго фізічнай захаванасці і – толькі пры неабходнасці – рэстаўрацыі і належнае прэзентацыі для паспалітых людзей. Досвед комплекснага даследвання помнікаў дазволіў на эміграцыі засяродзіцца на ўлюбёнай справе — гісторыі архітэктуры Беларусі. І гэты занятак дапамог не звар’яцець ад новай рэчаіснасці.
Я — кансерватар, вельмі прывязаны да Беларусі, да нашай прыроды і культуры. Таму пасля пераезду ледзь не страціў сэнс існавання: ты – рэстаўратар — тут, а твая архітэктурная спадчына – там. Што рабіць у гэткай сітуацыі? Мая асабістая стратэгія выжывання – выкарыстаць мажлівасці сёняшняга становішча дзеля нашай беларускай будучыні.
Якія мажлівасці? Польскія і літоўскія бібліятэкі і архівы. Скарыстацца нагодай і дастаць адтуль інфармацыю пра нашу будаўнічую гісторыю, якая спатрэбіцца дома нашым наступнікам заўтра. Цяпер я вывучаю архітэктуру Віленшчыны канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя і ўражаны колькасцю крыніц у замежных зборах, не апрацаваных пакуль даследчыкамі з Беларусі.
Цікава было параўнаць польскі досвед архітэктурна-гістарычных даследванняў са сваім. Розніца, відаць, вынікае з рознага зместу адукацыі.
У Польшчы ўніверсітэты рыхтуюць гісторыкаў мастацтва, якія надзвычай добра даследуюць эстэтычныя праблемы архітэктуры. Але архітэктары, якія ў нас займаюцца гістарычнымі даследваннямі, лепей разумеюць работу канструкцый, у сваіх даследваннях улічваюць сезоннасць і тэхналогію будаўнічых работ. Архітэктурная адукацыя дазваляе ўбачыць у аб’екце даследвання тое, што – за рэдкім выключэннем — не бачыць вока мастацтвазнаўцы: функцыю і работу канструкцый.
Захапляе сістэма фінансавання навукі на Захадзе. Колькі ёсць мажлівасцей атрымаць падтрымку на свае даследванні! Але трэба перамагчы канкурэнтаў.
Мадэль натуральнага адбору дазваляе выбраць і падтрымаць лепшых. Слабыя павінны сысці і пашукаць сябе ў іншых сферах дзейнасці. Гэты механізм гарантуе грамадству высокі ўзровень навуковых даследванняў. Параўнайма эфектыўнасць польскай і беларускай сістэм фінансавання навукі.
У Польшчы з насельніцтвам 40 млн чалавек толькі ўдзельнікаў асацыяцыі “Таварыства гісторыкаў мастацтва” каля 3 тысяч дактароў навук (нашых кандыдатаў).
У меншай у чатыры разы Беларусі гісторыю мастацтва прафесійна даследуюць хіба некалькі дзясяткаў чалавек. Ці многа дысертацый па гісторыі архітэктуры абаронена апошнім часам? А колькасць выдаваных штогод навуковых кніжак няма чаго і параўноўваць.
Перапынак у працы, выкліканы пераездам, дазволіў дадумаць некаторыя тэарэтычныя рэчы. Да прыкладу, адказаць на пытанне, ці існуе беларуская нацыянальная архітэктура?
Казаць пра нацыянальную архітэктуру можна тады, калі сфармаваная або фарміруецца нацыя, і следам паўстае грамадскі запыт на нацыянальную архітэктуру. З’яўляюцца творцы, якія пачынаюць пошук нацыянальнага ў архітэктуры. У Беларусі мы знаходзім гэта ў 1915–1916 гг., у творчасці Лявона Вітан-Дубейкаўскага, які свядома ствараў архітэктуру “беларускага стылю”. А куды тады аднесці творчасць тысяч архітэктараў і будаўнікоў, якія стагоддзямі працавалі на нашых землях? Да архітэктуры Беларусі! Усё, што створана ў межах Беларусі — як сучасных, гэтак і гістарычных – ёсць архітэктурай Беларусі. Незалежна ад этнічнага паходжання замоўцаў і выканаўцаў. І тады азначэнні “архітэктура Беларусі ХІІ ст.” і нават “беларуская архітэктура ХІІ ст.” не будуць выклічаць спрэчак. Гэтыя азначэнні геаграфічныя, а не этнічныя або нацыянальныя. Яшчэ адна тэза: належыць дакладна ўжываць тэрміны “дойлідства” і “архітэктура”. Дойлідства – гэта драўлянае будаўніцтва. Таму “мураванае дойлідства” – аксюмаран. Муляр і дойлід – настолькі розныя прафесіі, што ў XVII ст. гэтыя рамеснікі ядналіся ў розныя цэхі. Варта ўзгадаць, што пасля заняпаду полацкага будаўнічага асяродку ў XII ст. на ўсход ад Менска не з’явілася ніводнай мураванай пабудовы ажно да XVII ст. Напрыклад, у Магілёве – найбуйнейшым пасля сталічнай Вільні горадзе ВКЛ — цэх дойлідаў існаваў з канца XVI ст. і меў добра развітую структуру. А пра арганізацыю муляраў маем згадкі хіба з 1630-х гадоў. Гэта пры тым, што ў Магілёве ў XVII ст. быў вельмі развіты мулярскі асяродак, і казакі запрашалі магілёўскіх майстроў будаваць праваслаўныя манастыры на Правябярэжнай Украіне. Ну а “архітэктараў” на нашых землях можна сустрэць хіба з XVIII ст., і звязана гэта з паўставаннем архітэктурных школ. Прынагодна звярну ўвагу: у нас часта пішуць “полацкая (гродзенская) архітэктурная школа XII ст.” і г. д. Школа — спецыфічны від перадачы ведаў ад прафесара да студэнта, які адбываецца ў аўдыторыі і ў бібліятэцы. А ў сярэднявеччы перадача ведаў ішла ад майстра да чалядніка (падмайстра) і адбывалася на будоўлях. Таму сярэднявечных будаўнікоў нельга называць архітэктарамі. На схіле XVI ст. ў Беларусі з’яўляюцца італьянскія будаўнічыя рамеснікі, якія вырабляюць чарцяжы на паперы. Тады ж архітэктура пачынае выкладацца ў межах сямі вольных мастацтваў у езуіцкіх калегіумах. Але першая архітэктурная кафедра паўстае пры Віленскім універсітэце толькі ў XVIII ст., тады ж архітэктуру пачынаюць выкладаць у Полацкай езуіцкай акадэміі. Толькі з гэтага часу можна казаць пра існаванне ў Беларусі архітэктурных школ. А як быць з будаўніцтвам ранейшых часоў? На маю думку, трэба казаць пра лакальныя будаўнічыя асяродкі. І гаварыць не пра “полацкую архітэктурную школу XII ст.”, а пра “архітэктуру Полацка XII ст.” Пры канцы некалькі высноў з эміграцыйнага досведу. Па-першае,
нам ніхто нічога не вінен. Дзякуй усім, хто дапамагае, але будаваць Беларусь будучыні за нас ніхто не будзе.
Па-другое, эміграцыя – добрая нагода развітацца з сацыяльным інфантылізмам. Канкурэнцыя ў навуцы на Захадзе вельмі высокая, а многія з нас прызвычаіліся існаваць у неканкурэнтным акадэмічным асяроддзі. Трэба асвойваць новыя для нас інструменты фінансавання навукі, інтэгравацца ў замежныя структуры і ствараць (развіваць) беларускую навуковую інфраструктуру па-за межамі Беларусі. Гэта праблема экзістэнцыі — або мы выжывем, або саступім месца больш моцным. Мяркую, што мы апынуліся тут, каб стаць дужэйшымі.